Нашы мерапрыемствы

03.09.20

Абрад «Божая барада»

29 жніўня 2020 года фальклорны калектыў “Мілавіца” ЦДАДіМ “Ветразь” г.Мінска правёў у Беларускім музее народнай архітэктуры і побыту рэканструкцыю жніўнага абрада “Божая барада” для тэлепраграмы “Наперад у мінулае” тэлеканала БТ 3.  

“Божая барада” - гэта дажынкавы абрад, які завяршае жніўную пару ці па іншаму называюць, свята апошняга снапа. З вечара на ніве жнейкі пакідалі каласы на адзін сноп, які павінны былі ўпрыгожыць.

Фальклорны калектыў  на чале са старэйшымі жанчынамі, а таксама з дзяўчатамі і маленькімі дзяўчынкамі, накіроўваліся на поле.  З сабой жнейкі неслі торбачку, з усім неабходным: хлебам, соллю, сырам, маслам, яйкамі, салам. Перад пачаткам старэйшая жанчына прасіла дапамогі ў жывёл, затым запрашала дзяўчат пачынаць палоць “бараду” (апошнія каласы). Падчас “палоння” адбывалася варажба на будучага жаніха. Калі дзяўчыне пападаўся чарвячок, тады жаніх будзе багаты, калі маленькая казявачка – бедны, павучок – удавец, палётка – лёгкадумны. Пасля варажбы жанчыны рассцілалі абрус, на які выстаўлялі ежу, з якой прыйшлі на поле. Дзяўчаты ў гэты час плялі вянок з каласоў, у які ўпляталі палявыя кветкі ды рознакаляровыя стужкі. Падчас гэтых абрадавых дзеянняў спяваліся песні. Затым удзельніцы абраду качаліся па ніве, тым самым прасілі сілы на наступны год.

Замыкаючым дзеяннем на полі было засяванне каласоў на наступны год. Самая маленькая ўдзельніца абраду падыходзіла да “Божай барады” (упрыгожаны сноп), зрывала некалькі каласкоў, клала ў сявеньку, а затым ходзячы па полю, раскідвала іх са словамі: «Пайшоў колас на новую ніву, на белую пшаніцу, на жыта з аўсом, на ячмень, на грэчку».

Завяршыўшы абрадавую частку, жнеі ладзілі невялічкую вечарыну ў гонар заканчэння палявых работ на ніве – пелі, танчылі ды весяліліся.

23.10.20

Майстар-клас "Саламяная казка"

Чытаць далей »