Нашы мерапрыемствы

04.07.17

Купалле

                                                                                        

У нас сягодня,
Ў нас сягодня Купалачка,Купалачка.
А ў нас заўтра,
А ў нас заўтра Іванічка,Іванічка”.


Гэтымі спевамі распачалося свята “Купалле” 27 чэрвеня ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, якое зладзілі супрацоўнікі музея разам з фальклорным калектывам “Мілавіца”.

Купалле – адно з галоўных свят беларускага народнага календара, якое ўвасабляе сабой вобразы сонца, гаючага зелля і агню, які “здабываюць” і ўтрымліваюць песнямі, карагодамі, ігрычшамі, танцамі.
Пасля таго, як былі закліканы песняй на свята ўсе прысутныя, распачалося купальскае шэсце:“Ой, пойдзем, сястрыцы,Пад ясну зарыцу,Но я, малая, ды Купальская!”.
Усе накіраваліся на Вербную гару (месца, дзе ладзяцца асноўчыя свята беларускага народага календара), дзе з зёлак, красак, кветак, бярозавых галінах пачалося завіванне вянкоў. Пад час завівання Купальскіх вянкоў удзельнікі спявалі песні “Купалёнка”, “Купала на Йвана”, “А йшла Купалка сялом, сялом”, “Купалачка, дзе твая дачка?”.
Вось і настаў час рухацца далей, на Паазер’е, дзе хлопцы падрыхтавалі месца для распальвання Купальскага вогнішча. Дарогаю гукалі песні: “Йшла Купалка па вуліцы,
просіць Іллішча на ігрышча”, “Купала, Купала, дзе ты прабувала?”, а на раздарожжы дзяўчаты і жанчыны ўпрыгожылі бярозку рознакаляровымі стужкамі з пажаданнямі, якую пасля спалілі на вогнішчы. Па дарозе зайшлі ў некалькі падвор’яў, паглядзелі, чым займаюцца гаспадары, паклікалі на Купалле, бо “хто не йдзе на Купалле – той ведзьма”. У адным двары ўбачылі, як гаспадыня з дачкой крапівой праганялі ведзьму, бо па павер’ю, калі на Купалле хтосьці прыходзіць пазычыць што-небудзь – то гэта ведзьма, таму і выганялі яе з двара крапівой. У другім двары заклапочаны гаспадар шукаў цэп для малацьбы зерня, бо моладзь свавольнічала: хавалі прылады працы, пераносілі копы сена з пожні адаго гаспадара да другога: бо казалі ў народзе “Купала – што было, тое прапала”. Дзякуючы грамадзе, цэп гаспадара быў адгуканы на дрэве каля хаты і на радасць яму вернуты ў гаспадарку.
І зноў грамада пайшла з песнямі далей да рэчкі Цна, каб дзяўчаты і жанчыны змаглі паваражыць: дзяўчаты – аб замужжы, жанчыны – загадаць здароў’я, шчасця, долі сваім дзеткам, унукам, на сямейны дабрабыт.
Павольна панясла рака вяночкі. А ў гэты час хлопцы ўсё падрыхтавалі для распальвання містэрычнага агню. Усе ўдзельнікі, госці завялі карагод вакол агню:
“У нас сягоння Купала, то-то-то.
Ня дзеўка агонь клала, то-то-то.
Сам Бог агонь раскладаў, то-то-то.
Ўсіх святых да сябе зваў, то-то-то.”
 
Разгарэўся агонь, хлопцы падняслі к вогнішчу ўпрыгожанную стужкамі бярозку, каб аддаць агню ўсё тое, аб чым было задумана, і карагод працягваўся пад песню “Ляцела дзераўцо цераз наша сяльцо, Чырвона каліна за морам далёка, Ляцела, ляцела, на цэркаўку села …”
Такім чынам і пачалося купальскае ігрышча з песнямі, гульнямі, танцамі. Хлопцы і дзяўчаты, мужчыны і жанчыны, дзеткі танчылі “Ойру”, “Лявоніху”, “Кракавяк”, “Падэспань”, гулялі ў “Падушачку”, “У карагодзе мы былі”, “Явар”, а потом пачаліся скокі праз агонь. На ўтрыманне Купальскага агню спявалі песні “Ой, рана на Йвана”, “У цёмным лесе гаманіна”. Супрацоўнікі музея ўсіх частавалі гарбатай, настаянай на купальскіх травах, крупніком (традыцыйнай стравай да Купалля).
А самае галоўнае, што ў гэты момант адбылося ачышчэнне ўсіх вадой і агнём, адначасова гарэў купальскі агонь і з неба ішоў цёплы летні дожд, які не змог патушыць агонь.
І калі прайшла хмара, неба упрыгожылі промні заходзячага сонца, каля лесу паплыў туман, а ў паветры разносіўся цудадзейны водар расліннасці, агню, чыстага паветра.
Адбылося сапраўднае свята Купалле, яднанне Неба, Зямлі, Агню і Чалавека.
 

кіраўнік фальклорнага калектыва “Мілавіца”
ДУА ”ЦДАДіМ “Ветразь” г. Мінска”
Снітко Марыя Васільеўна
                                                                                       

20.01.21

Майстар-клас «Сакральныя традыцыі ў каляднай абраднасці беларусаў»

Чытаць далей »
13.01.21

ПРАМЫ ЭФIР!

Чытаць далей »
13.01.21

«Калядачкi, вы хутчэй, хутчэй!»

Чытаць далей »