Нашы мерапрыемствы

01.10.16

На шляху да дасягнення мэт патрыятычнага выхаваннядзяцей і моладзі сродкамі традыцыйнага народнага мастацтва беларусаў

Захаванне і развіццё самабытнай традыцыйнай культуры беларусаў у сучаснасці  – адна з галоўных сацыяльна-культурных задач дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь.У наш час, калі ўзрастаюць сацыяльна-псіхалагічныя адрозненні паміж пакаленнямі, змяняецца рытм жыцця, быт, густ, звычаі, патрабуецца актывізацыя выхавання, заснаванага на традыцыях старэйшых пакаленняў, забеспячэнне іх мэтазгоднай і прадуктыўнай пераемнасці.

У нашай краіне праблемам захавання этнакультурнай спадчыны, распаўсюджванню традыцыйнай беларускай культуры і выхаванню нацыянальнай самасвядомасці падрастаючага пакалення і моладзі надаецца асобая ўвага. На заканадаўчым узроўні абгрунтаваны асноўныя напрамкі вырашэння вышэйпазначаных праблем, што знаходзіць сваё адлюстраванне ў Законе аб культуры, Кодэксе аб адукацыі Рэспубліцы Беларусь, Канцэпцыі бесперапыннага выхавання дзяцей і вучнёўскай моладзі ў Рэспублікі  Беларусь і іншых нарматыўных дакументах.

Значныя крокі да вырашэння праблем этнакультурнага выхавання моладзі здзяйсняюцца на рэспубліканскім і рэгіянальным узроўні праз рэалізацыю разнастайных мэтанакіраваных праграм, праектаў у дзейнасці ўстаноў культуры, адукацыі і грамадскіх аб’яднанняў.

Адным з такіх крокаў у адукацыйна-культурнай прасторы Кастрычніцкага раёна г. Мінска з’яўлялася правядзенне ў лістападзе 2014 года на базе ЦДАДзіМ “Ветразь” круглага стала “Патрыятычнае выхаванне асобы сродкамі традыцыйнага народнага мастацтва беларусаў”, удзельнікамі якога сталі людзі, вядомыя ў колах абаронцаў нацыянальнай культуры, а таксама прадстаўнікі кіруючых структур культуры і адукацыі горада Мінска.

Абмеркаваўшы важнейшыя пытанні, якія тычаццанацыянальнай мовы, праблемы захавання беларускай народнай культурнай спадчыны ва ўмовах устаноў адукацыі і выкарыстання сродкаў фальклорнага  мастацтва ў сучаснай сістэме адукацыі і выхавання, удзельнікі круглага стала прыйшлі да высновы, што неабходна сумесная работа па фарміраванню сістэмы патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі з удзелам розных органаў улады і кіраўніцтва: Камітэта па адукацыі Мінскага гарвыканкама, упраўлення адукацыі, спорту і турызму, упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г. Мінска, а таксама зацікаўленых грамадскіх арганізацый у напрамку патрыятычнага і эстэтычнага выхавання вучняў, прадстаўнікоў раённых, гарадскіх, рэспубліканскіх СМІ. 

Пошук шляхоў удасканалення і развіцця вышэйабазначаных накірункаў знайшоў адлюстраванне ў раённай адукацыйна-культурнай праграме “Традыцыйная культура і моладзь” на 2015 – 2020 гг., распрацаванай супрацоўнікамі ЦДАДзіМ “Ветразь” г. Мінска пры ўдзеле і падтрымцы упраўлення адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г. Мінска. Дадзеная праграма з’яўляецца першай ў выхаваўчай прасторы Кастрычніцкага раёна спробай ўкаранення ў гарадскую культуру новых сродкаў, метадаў і форм засваення каштоўнасцей народнай культуры беларусаў на базе адукацыйна-культурных устаноў Кастрычніцкага раёна г. Мінска.

Трэба адзначыць, што на дадзены момант рэалізацыі праграмы ўжо маюцца першыя прадуктыўныя вынікі. Так, з поспехам прайшлі Першы і Другі раённыя конкурсы беларускіх народных танцаў “Ветразь”, фестываль традыцыйнай культуры “Вытокі”, Першыя раённыя краязнаўчыя чытанні, ахапіўшыя не толькі навучэнцаў устаноў адукацыі Кастрычніцкага раёна, але і прадстаўнікоў з розных куткоў Беларусі. А ў 2017 годзе для дзяцей і моладзі будзе прадстаўлена магчымасць прадэманстраваць свае літаратурныя і выканальніцкія ўменні ў раённым конкурсе апавядальнікаў народнай прозы.

Актыўнымі ўдзельнікамі і аднымі з ініцыятараў мерапрыемстваў раённай адукацыйна-культурнай праграммы “Традыцыйная культура і моладзь” з’яўляюцца Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў і грамадскае аб’яднанне “Беларускі фонд культуры”, старшыня якога У.А. Гілеп упэўнены, што “удзельнікі мерапрыемстваў праграмы, дакрануўшыся да жыватворнай крыніцы народнага мастацтва, вырастуць духоўна багатымі людзьмі і заўсёды будуць несці ў сваёй душы годнасць і прыгажосць культуры свайго народа”.

З мэтай пашырэння кола ўдзельнікаў і саарганізатараў раённай праграммы, дэманстрацыі першых станоўчых вынікаў рэалізацыі працэса этнакультурнага выхавання, а таксама для вырашэння далейшых крокаў да дасягнення пастаўленых задач, 1 лістапада 2016 года ў актавай залі адміністрацыі Кастрычнікага раёна адбыўся пашыраны каардынацыйны савет “Патрыятычнае выхаванне асобы сродкамі традыцыйнага народнага мастацтва беларусаў”.

Арганізатарамі Савета сталі прадстаўнікі сістэмы кіравання і грамадскіх аб’яднанняў Кастрычніцкага раёна: галоўны спецыяліст аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі А. А. Гурыновіч, намеснік начальніка ўпраўлення – начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі А. Я. Кур’яновіч, загадчык сектаракультуры ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі А. У. Дабрынец, першы сакратар раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “БРСМ” А. А. Насута.

Удзельнікамі і слухачамі пашыранага каардынацыйнага савета з’яўляліся намеснікі дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце і кіраўнікі кафедр і метадычных аб’яднанняў беларускай мовы і літаратуры агульнаадукацыйных устаноў Кастрычніцкага раёна, мастацкія кіраўнікі харэаграфічных калектываў, прадстаўнікі адміністрацыі і педагагічныя супрацоўнікі ЦДАДзіМ “Ветразь” г. Мінска.

У ходзе Савета актыўна абмяркоўваліся шляхі ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва дзеля рэалізацыі раённай адукацыйна-культурнай праграмы ў 2017 годзе, разглядаліся асаблівасці асноўных мерапрыемстваў, арганізацыя якіх запланавана ў бліжэйшы час. Гэта I раённы конкурс чытальнікаў народнай прозы, ІІІ раённы конкурс беларускіх народных танцаў "Ветразь" і Фестываль-конкурс народных рамёстваў. Таксама былі прааналізаваны меркаванні і прапановы наконт удасканалення хода падрыхтоўкі да мерапрыемстваў раённай праграмы.

У выніку пашыранага каардынацыйнага савета “Патрыятычнае выхаванне асобы сродкамі традыцыйнага народнага мастацтва беларусаў” неабходна адзначыць, што дасягненне асноўных палажэнняў рэзалюцыі праведзенага ў 2014 годзе круглага стала адбываецца паступова і мэтанакіравана. Так, пашыраецца кола зацікаўленых ўдзельнікаў арганізацыі працэса этнавыхавання моладзі, да рэалізацыі раённай адукацыйна-культурнай праграммы “Традыцыйная культура і моладзь”  далучаюцца прадстаўнікі сістэмы кіравання і грамадскіх аб’яднанняў з прапановамі і падтрымкай разнастайных ініцыятыў яе арганізатараў. Але самае галоўнае тое, што мерапрыемствы, прапанаваныя адзначанай праграмай, знаходзяць станоўчы водгук сярод навучэнцаў, якія з захапленнем і цікавасцю адкрываюць для сябе цудоўны свет беларускай народнай традыцыйнай культуры.

 

Міхаіл Камоцкі, метадыст ЦДАДзіМ “Ветразь” г. Мінска

 

20.01.21

Майстар-клас «Сакральныя традыцыі ў каляднай абраднасці беларусаў»

Чытаць далей »
13.01.21

ПРАМЫ ЭФIР!

Чытаць далей »
13.01.21

«Калядачкi, вы хутчэй, хутчэй!»

Чытаць далей »