Каляды–гэта народнае зімовае свята дахрысціянскага паходжання. Нашы продкі называлі Каляды святам Сонца. І менавіта ў гэты час Сонца, якое так патрэбна для людзей, зямлі і жывёл, паварочвае на лета. Раней калядуючыя хадзілі з песнямі па хатах, ладзілі гульні, віншавалі ўсіх з Калядамі. Гэтая цудоўная традыцыя захавалася і па гэты дзень.
У нашым цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” 13 студзеня 2018 года прайшло фальклорна-абрадавае беларускае свята “Каляды”.
Дзецi з задавальненнем удзельнічалі ў традыцыйных гульнях “Печаны кот”, “Каза”, адгадвалі загадкі ад Зюзі і Шчодры і добра сустракалі калядоўшчыкаў.
Таксама ў рамках мерапрыемства прайшло ўзнагароджанне ўдзельнікаў конкурсу “Новы год – city”: гэта больш за 50 калектываў, якія ўпрыгожвалі цэнтр “Ветразь” і памяшканні клубаў па месцы жыхарства. Калектывы цэнтра прынялі ўдзел у трох намінацыях: “Жывапіс на вокнах”, “Навагодні калейдаскоп” і “Навагодняя кампазіцыя”. Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі памятныя прызы.
Галоўным упрыгожваннем мерапрыемства было выступленне фальклорнага калектыву “Мілавіца” (кіраўнік М.В. Снітко), які завяршыў мерапрыемства прыходам на свята калядоўшчыкаў з казой. Яны прадставілі цудоўную традыцыйную гульнёвую праграму са спевамі, танцамі і гульнямі, якія прынеслі святочны настрой, як для маленькіх, так і для дарослых.
